СЛОЎНІК АНАМАСТЫЧНЫХ ТЭРМІНАЎ


Агіёнім  – імя святога: Еўфрасіння Полацкая, Матрона Маскоўская, Святая Сафія.

Анамастыка  – раздзел мовазнаўства, якія вывучае любыя ўласныя імёны, гісторыю іх узнікнення і трансфармацыі ў выніку працяглага ўжывання ў мове-крыніцы ці ў сувязі з запазычваннем з іншых моў. У больш вузкім значэнні анамастыка – гэта ўласныя імёны розных тыпаў, сукупнасць анамастычных слоў, анамастычная лексіка.

Анамастычная прастора (анамастыкон) мовы – сукупнасць імён уласных, якія ўжываюцца ў мове данага народа для іменавання рэальных, гіпатэтычных і фантастычных аб’ектаў.

Анамастычная прастора (анамастыкон) мастацкага твора – гэта сукупнасць усіх ужытых у творы імён уласных, якія канструююць спецыфічную анамастычную парадыгму,  што акумулюе культурна-гістарычную, міфалагічную, сацыяльную, ідэалагічную інфармацыю.

Антрапанімічная прастора (антрапанімікон) – сукупнасць усіх антрапонімаў, якія ўжываюцца ў мове пэўнага этнасу ў пэўны гістарычны перыяд.

Антрапонім – імя ўласнае, якое ідэнтыфікуе чалавека ці групу людзей, у тым ліку асабовае імя (Кацярына), імя па бацьку (Аляксандраўна), прозвішча (Юнкевіч), псеўданім (Цётка), мянушка (Чапля).

Археонімустарэлае ўласнае імя, якое адрозніваецца ад сучаснага оніма поўнасцю або асаблівасцямі гучання, марфемным складам і інш., напр.: Полацак (сучасны Полацк), Менск (сучасны Мінск), Ізяслаўль (сучаснае Заслаўе), Лагожаск (сучасны Лагойск), Хвалынскае мора (сучаснае Чорнае мора).

Астронім – імя ўласнае асобнага нябеснага цела: зоркі, планеты, каметы, астероіда і інш.: Венера, Юпітэр, Плутон.

Бібліёнімназва пісьмовага твора, напр.: казка Г. Марчука “Чужое багацце”.

Геартонім – назва свята, памятнай даты, урачыстага мерапрыемства: Вадохрышча, Купалле, Раство.

Гістарыёнім – устарэлае ўласнае імя, якое з’яўляецца найменнем аб’екта, што знік з гістарычнай і палітычнай карты: Вялікае Княства Літоўскае, Візантыўская імперыя, Полацкае княства, Маскоўскае княства.

Заонім – імя ўласнае (мянушка) жывёлы, напр.: празванні герояў казак Г. Марчука конь Мадагаскар, крумкач Крывыя Лапы.

Імя-рэмінісцэнцыяпаэтонім, ужыванне якога заснавана на перанясенні пэўных рыс асобы, названай іменем-арыгіналам, на іншы персанаж, у адносінах да якога наўмысна выкарыстоўваецца імя вобраза-“першакрыніцы”. Напр., у аснове мянушкі  персанажа рамана Г.Марчука “Крык на хутары”, аматара чаркі Бахуса – метафарычнае выкарыстанне імені героя антычнай міфалогіі, бога вінаградарства і вінаробства.

Касмонім – уласнае імя зоны касмічнай прасторы, галактыкі, зорнай сістэмы (сузор’я), часткі сузор’я: Вялікая Мядзведзіца, Зорны шлях, сузор’е Лебедзя.

Літаратурная (паэтычная) анамастыка  – раздзел анамастыкі, які вывучае ў розных аспектах любыя імёны ўласныя (паэтонімы) у мастацкіх тэкстах. Літаратурная анамастыка даследуе адлюстраванне элементаў рэальнай і выдуманай анамастыкі (іх сукупнасць складае анамастыкон  мастацкага тэксту) на аснове іх індывідуальнага пераламлення і выкарыстання ў створаным пісьменнікам тэксце, элементам якога з’яўляюцца імёны ўласныя.

Міфонім – уласнае імя прыдуманага аб’екта любой катэгорыі (героя, боства, дэманічнага персанажа, месца) у міфах і казаннях: Хлеўнік, Спешка-Спарышка, Алатыр-камень.

Мянушка – неафіцыйнае ацэначна-характарыстычнае найменне асобнага чалавека, а таксама прадстаўнікоў пэўнай сям’і, роду і жыхароў пэўнай вёскі: Фарысей, Археолаг, Павейкавы, Кабыльнікі.

Мянушка-андроніммянушка, дадзеная жонцы па імені, мянушцы або прозвішчы мужа: Лявоніха, Васіліха, Аграномка.

Мянушка-гінонім – мянушка, утвораная ад імені, прозвішча або мянушкі жонкі: Вунь у дубняку відаць тутэйшага прыстава, па мянушцы Вусаціха. У жонкі ягонай пад носам вусікі. Таму і Вусаціха. І ён, прыстаў, Вусаціха, і яна – жанчына, таксама Вусаціха (А. Наварыч “Літоўскі воўк”).

Мянушка-матронімнайменне чалавека, утворанае ад імені ці мянушкі маці або продкаў па жаночай лініі, напр.: Барбарыч, Цэцыліха, Тарэсіны, Тарэсіны, Крысіны, Марысіны.

Мянушка-патроніммянушка, утвораная ад імені ці мянушкі бацькі або продкаў па мужчынскай лініі: Хвелевы, Канакрадавы.

Сямейна-родавая мянушкамянушка, замацаваная за прадстаўнікамі сям’і, а таксама за прадстаўнікамі роду: Канакрадавы, Адэсішыны, Чушбавы, Тарэсіны, Хвелевы.

Нейтральныя паэтонімы –  уласныя імёны, значэнне асновы якіх, іх этымалогія не нясуць інфармацыі пра асаблівасці характару персанажа, не выражаюць ацэнкі літаратурнага героя. Нейтральныя імёны выконваюць у мастацкім творы выключна намінатыўна-ідэнтыфікуючую функцыю. Напр., да ліку нейтральных адносяцца ўжытыя ў гістарычным рамане Г. Далідовіча “Кліч роднага звона” імёны рэальных асоб – валадароў тагачасных дзяржаў свету: Кацян, Батый, Чынгісхан, Міхаіл Чарнігаўскі, Конрад Мазавецкі, Ізяслаў Навагародскі, Яраслаў Уладзімірскі, Альфрэд фон Штумпенхаўзен, Міндоўг, Войшалк, Таўцівіл, Эдзівід, Транята, якія ствараюць “фон” мастацкага палатна.

Парадыйныя імёны – паэтонімы з камічным гукавым абліччам, заснаваныя на наўмысна кплівым ці зняважлівым скажэнні сапраўднага імені і  дадзеныя персанажам з мэтай камічнай ці сатырычнай іх абмалёўкі. Напр., мянушка персанажа п’есы Г. Марчука “Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі” ўчастковага Дзот Пятровіч, утвораная на аснове сапраўднага імені Зот Пятровіч.

Патронім (імя па бацьку) – найменне чалавека, утворанае ад імені ці мянушкі бацькі або продкаў па бацькоўскай лініі: Глебавічы, Святаславічы, Уладзімір Андрэевіч Калеснік.

Паэтонім – імя ў мастацкай літаратуры, якое мае ў мове твора, акрамя намінатыўнай, характарыстычную, стылістычную і ідэалагічную функцыі. Як правіла, адносіцца да катэгорыі прыдуманых імён, але часта пісьменнікам выкарыстоўваюцца рэальна існуючыя імёны ці камбінацыя тых і іншых, напр., імёны персанажаў казак Г. Марчука Несцерка, Багуслава, Сілуян, каралева Бона.

Паэтонім-вобраз – характарыстыка літаратурнага персанажа, у аснове якой метафарычна ўжытае імя вядомай гістарычнай асобы або літаратурнага героя, якія сталі ўвасабленнем пэўных чалавечых якасцей: “Хрысця – німфа, якую паслаў мне Бог, ранішняя кветка, Афрадыта” (А.Наварыч “Літоўскі воўк”).

Прагматонім – уласнае імя, выкарыстанае для абазначэння гатунка, маркі, таварнага знака: масла “Расінка”, хлеб “Гаспадар”.

Прамагаваркія імёны (онімы, паэтонімы) –  паэтонімы з празрыстай  унутранай формай, якія характарызуюць прама, непасрэдна, з’яўляючыся свайго роду ярлыкамі, этыкеткамі, якія прадвызначаюць характар успрымання і ацэнкі героя. Напрыклад, імя героя рамана З. Дудзюк “Велясіты” Гаразд уяўляе сабой  лаканічную характарыстыку здольнага, спрытнага, кемлівага хлопца.

Прозвішча – гэта спадчыннае імя сям’і, устойлівае не менш як у трох пакаленнях, спадчыннае афіцыйнае найменне: Луцэвіч, Міцкевіч,  Каско.

Патранімічнае прозвішча – прозвішча, якое першапачаткова выконвала функцыю імёні па бацьку – указвала на прыналежнасць чалавека да пэўнага бацькі (Пятроў – “сын Пятра”, Шубін “сын Шубы”, Якабсон “сын Якаба”, Кузьміч – “сын Кузьмы”.

Паэтонімікон –  сукупнасць імёнаў уласных у адным ці некалькіх мастацкіх творах. У паэтоніміконе мастацкіх тэкстаў знаходзіць адлюстраванне індывідуальнасць аўтарскай сістэмы онімаўжывання за кошт кантэкстуальных маўленчых, асацыятыўных і фонавых прырашчэнняў. Цэласны аналіз анамастыкону канкрэтнага тэкставага матэрыялу дае магчымасць зрабіць высновы пра тое, якім бачыць аўтар сучасную рэчаіснасць; якія суб’екты/аб’екты з’яўляюцца неад’емнымі яе атрыбутамі, што павінны быць адлюстраваны ў створаным ім тэксце.

Псеўданімспецыяльна прыдуманае найменне, якое ўжываецца ў грамадскім жыцці чалавека паралельна з сапраўдным іменем або замест яго: Янка Купала (І. Луцэвіч), Міхась Чарот (М. Кудзелька), Кузьма Чороны (М. Раманоўскі).

Схаванагаваркае імя (онім, паэтонім)імя, якое выражае “затушаваную” характарыстыку літаратурнага героя за кошт выкарыстання дыялектнай і іншамоўнай  асновы: напрыклад, прозвішча героя казкі Г. Марчука пана Валкевіч (ад польскага walkaзмаганне, барацьба’).

Тапонім – уласнае імя любога геаграфічнага аб’екта: мора, ракі, горада, поля і інш.: Брэст, Пружаны, Прыпяць, Паросцы.

Тэонім  – уласнае імя боства (Пярун, Велес, Буда).

Уласнае асабовае імя – персанальнае імя чалавека ў адрозненне ад прозвішча, імені па бацьку, напр.: Усевалад, Кацярына.

Хрысціянскае імя – імя, дадзенае падчас хрышчэння: Васіль, Алена, Якаў.

Царкоўнае імя – імя, якое фіксуецца ў праваслаўных святцах: Еўфрасіння, Сергій.

Язычніцкае імя – некананічнае імя, звязанае з перыядам першабытных рэлігійных вераванняў і культаў у розных народаў, якое працягвала існаваць і пасля ўвядзення сусветных рэлігій, побач з кананічнымі імёнамі, напр.: Неўдах, Воўк.

Уласнае імя (онім) – слова, словазлучэнне або сказ, якія служаць для вылучэння называнага імі аб’екта сярод іншых аб’ектаў, яго індывідуалізацыі і ідэнтыфікацыі, напр.: Зінаіда Іосіфаўна Дудзюк, Велясіція, Грамніцы.

Урбанонім (урбонім) – від тапоніма, уласнае імя любога ўнутрыгарадскога тапаграфічнага аб’екта – плошчы, вуліцы, базара, будынка і інш., напр: вуліца Брэсцкіх дывізій, плошча Свабоды.

Ускоснагаваркія імёны (онімы, паэтонімы) – характарыстычныя паэтонімы з “зацемненай” ўнутранай формай, для высвятлення якой патрэбны кантэкст, які спрыяе раскрыццю характарыстыкі, закладзенай у паэтоніме. Напр., прозвішча персанажа апавядання А. Крэйдзіча “Перон для беспрытульных” Карчэўскі, асацыятыўна звязанае  з пераносным значэннем дзеяслова карчавацьвыкараняць, вынішчаць без астатку”, адлюстроўвае маральнае аблічча міліцыянера, які, выслужваючыся перад начальствам, забіў, “выкарчаваў” чалавечыя пачуцці: спачуванне, павагу да чалавека.

Хрэматонім – гэта  ўласнае імя прадмета матэрыяльнай культуры: цукеркі “Знічка”, крама “Несцерка”.

Эклезіёнімы – імёны ўласныя, якія абазначаюць назвы сабораў, храмаў, манастыроў, капліц: Свята-Мікалаеўская царква, Сімяонаўскі сабор.

Эргонімы – уласныя імёны  дзелавых аб’яднанняў людзей, арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў: рэстаран “Малка”, гасцініца “Беларусь”.